Грамадства1818

Паглядзіце, якія стылёвыя цішоткі выпускае беларускі брэнд Znivien. Пагаварылі з яго стваральнікам

Make Belarus zaebis again — цішоткі з такім надпісам вы маглі шмат у каго бачыць. Іх робіць брэнд Znivien, які запусціўся 4 гады таму. «Наша Ніва» пагутарыла з дызайнерам прынтоў і адным са стваральнікаў брэнду Уладзімірам Маляўкам пра тое, як развіваўся праект, чаму мерч Лукашэнкі няўдалы і калі ў Беларусі было «зая**ся».

Фота: «Радыё Ўнэт»

«За мяжой няма сэнсу рабіць нешта агрэсіўна-пратэснае. Не працуе ўжо, час прайшоў»

Брэнд Znivien запусцілі ў 2021 годзе. Дызайнер Уладзімір Маляўка тады яшчэ жыў у Беларусі — ён звязаўся са сваім сябрам Паўлам Дзеркачом у Польшчы, каб той пачаў вырабляць цішоткі. Назвай брэнда абралі месяц, які «для шматлікіх беларусаў стаў кропкай адліку», тлумачыць Уладзімір. 

«За мяжой няма сэнсу рабіць нешта агрэсіўна-пратэснае. Не працуе ўжо, час прайшоў», — кажа ён пра канцэпцыю.

Інтэнсіўна працаваць над праектам Уладзімір і Павел сталі ў 2022 годзе. Тады прадалі больш за 400 рэчаў.

Фота: znivien.pl

«Калі пачыналі, не думалі, што гэта стане бізнэсам, — кажа дызайнер. — Проста людзі ў мяне ўбачылі прынты, напісалі, што хацелі б набыць такія цішоткі. Па гэты дзень наша каманда — гэта два чалавекі плюс бухгалтар і партнёр «Друкарка» ў Кракаве. Доўга думалі, дарэчы, ці рабіць самім рэчы, ці купляць гатовае. Пакуль няма столькі замоў, каб самім вырабляць. У «Друкарцы» ёсць каталог, сярод гэтых мадэляў і абіраем. Мы пра ідэю — чалавек купляе ідэю, якую на сябе апранае». 

Мадэляў для здымак у адзенні брэнда спачатку шукалі сярод сяброў і знаёмых, якія пагаджаліся гэта зрабіць за цішотку. Але пасля Znivien пагрукаўся да знакамітага нямецкага дызайнера Фрэнка Пітэра, які пасля пачатку вайны стаў рабіць ліфталукі ў падтрымку Украіны.

«Калі ў нас выйшлі прынты на тэму Украіны, я проста напісаў яму ў інстаграм з запытам зрабіць здымак з нашымі цішоткамі. Ён адразу адказаў, пагадзіўся, мы даслалі некалькі бясплатна, потым ён набыў яшчэ пару ў падарунак».

Цішотку дасылалі таксама Элізабэт Піпко — прэс-сакратарцы Рэспубліканскай партыі ў ЗША, у якой ёсць беларускія карані.

«Знайшоў яе ў інстаграме, напісаў з прапановай зрабіць ёй цішотку з картай, адкуль яе сваякі. Яна адказала, даслала адрас, — дзеліцца Уладзімір. — Класна, што такі чалавек атрымаў падарунак ад беларусаў. Раптам Трамп у наступнай прамове возьме наш стыкер і скажа «Make Belarus zaebis again». Стыкер мы таксама даслалі, дарэчы». 

Аляксандр Івулін у цішотцы ад Znivien 

«Часам людзі пытаюць: а дзе бчб, Пагоня?»

Летам 2023 года Znivien сутыкнуўся з праблемай — інстаграм выдаліў іх акаўнт, на якім была завязаная ўся праца. Гэта адбылося пасля скаргі брэнда Levi’s на пост пра праект Logo for Ukraine, у якім Уладзімір Маляўка на вядомых лагатыпах, у тым ліку Levi’s, напісаў назвы ўкраінскіх гарадоў.

Фота: znivien.pl

«У адзін момант страцілі ўсю камунікацыю. Добра, што шмат чаго пераносілі ў табліцу, у якой пазначалі акаўнты, якія рабілі замовы. Кожнаму пісалі ў прыват, што такое адбылося. Змаглі зноў набраць 3000 падпісчыкаў, але эмацыйна было цяжка пачынаць з нуля», — расказвае дызайнер. 

Сёлета Znivien стаў найлепшым бізнэсам года ў конкурсе Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой ABBA «Бізнэс вольнай Беларусі». Пераможцы атрымалі 5 тысяч еўра. 

«Яшчэ абмяркоўваем, куды накіруем гэтыя грошы. Хутчэй за ўсё, яны пойдуць на рэкламу, маркетынг. Трэба ўкласціся туды, каб зарабіць яшчэ больш».

Фота: znivien.pl

Трэнд на беларускасць, па словах Уладзіміра, не спадае. Продажы брэнда ідуць уверх. Каля 80% замоў прыпадае на Польшчу. Пасля — ЗША, Германія, Аўстрыя, Бельгія. А вось менш за ўсё замоваў з Літвы.

«Пыталіся ў людзей чаму, атрымалі цікавы адказ, — расказвае Уладзімір. — Цяпер склалася сітуацыя ў Літве, што беларусы не хочуць дэманстраваць сваю нацыянальнасць. Хаця мне здавалася, што Літва стане другой краінай па замовах. 

Фота: znivien.pl

Часам людзі пытаюць: «А дзе бчб, Пагоня?» Адказваем, што такое робіць шмат хто, а нам цікава іншае. Беларуская культура нашмат шырэйшая, чым толькі бчб, Пагоня ці нейкі сімвал. Культура Беларусі — гэта і Макс Корж, і «Песняры», і «Сябры», і «Верасы», і Пагоня, і бчб, і Якуб Колас. Шырока глядзім на гэтае пытанне». 

«Брэнд прыносіць грошы, але жыць толькі на іх немагчыма»

Некаторыя ў каментарах крытыкуюць праект за тое, што пэўныя прынты ўжо былі ў працах іншых беларусаў.

«Як творчаму чалавеку, мне балюча. Але што зрабіць, калі часам беларусы могуць прыдумаць адно і тое ж? Гэта толькі тлумачыцца тым, што мы жывём у адной прасторы», — адказвае дызайнер. 

Znivien не асноўная праца стваральнікаў. Уладзімір працуе ў Беларускім моладзевым хабе, а Павел у IT.

«Брэнд прыносіць грошы, але жыць на іх немагчыма, — тлумачыць Уладзімір. — Калі б адзін чалавек займаўся, то, мабыць, хапала б. Нас двое, плюс падаткі, аплата бухгалтара. Калі б нам былі патрэбны грошы, ніколі б такі бізнэс не прыдумалі. Для нас гэта мастацкі сайд-праект, які яшчэ нешта прыносіць. Проста няма столькі беларусаў за мяжой, каму патрэбна такое адзенне.

Мы прымалі ўдзел у адным акселератары, які падтрымлівае бізнэсы. Паколькі мы зарабляем, то мне неяк няёмка грукацца да якой-небудзь арганізацыі і прасіць грошы. Хай лепш яны дадуць падтрымку НДА, каму гэты грант дасць магчымасць штосьці рабіць. Znivien самаакупляльны». 

Уладзімір заўважае, што многія маладыя брэнды, якія з'явіліся ў апошнія гады, ужо паспелі закрыцца.

Фота: znivien.pl

«Думаю, мы захаваліся, бо вырашылі, што гэта наша хобі. А брэнды проста не пабачылі поспехаў і закрыліся. Сумна, бо чым больш бачым беларускага, тым большая верагоднасць, што беларус гэта купіць, а не пойдзе ў «Зару».

Пры гэтым адгаворваць людзей купляць рэчы ў «Зары» Уладзімір не лічыць слушным падыходам — беларускім брэндам, на яго думку, варта проста нагадваць пра сябе. 

«У кожнага ў жыцці быў момант, калі ў Беларусі было зая**ся»

Самая папулярная цішотка ў брэнда — з надпісам Make Belarus zaebis again. Нядаўна Уладзімір выклаў у інстаграме пост, у якім расказаў, як у 2021-м прыдумаў гэты дызайн. 

Фота: znivien.pl

«У патоку пастаянных негатыўных навін хацелася ўбачыць хоць нейкі прамень надзеі, хоць нешта пазітыўнае ў гэтай сітуацыі, але нічога не было. У галаве гучала толькі: «Ды хутчэй бы гэта ўсё скончылася». Менавіта ў гэты момант нарадзіўся слоган як рэакцыя на тое, што адбывалася навокал. Малюнак з такім тэкстам я запосціў у сторыс. І літаральна адразу мне напісалі некалькі чалавек, што хацелі б набыць такую майку. Хачу заўважыць, што калі б не іх рэакцыя, то гэтага дызайну магло б і не быць», — напісаў Уладзімір.

Перафразуючы папулярны надпіс — калі ў Беларусі было «зая**іся»? Уладзімір кажа, што краіна была б цудоўнай, калі б туды можна было вярнуцца. 

«Калі я жыў без палітыкі, пратэстаў, рэпрэсій, то зая**ся. Калі мог жыць і быць побач з бацькамі, братамі, сёстрамі. Часта атрымліваем адказ ад людзей, што зая**ся было ў ВКЛ, 90-я, іншыя пішуць, што такога ніколі не было. Але мы аптымісты, у кожнага ў жыцці быў момант, калі ў Беларусі было зая**ся».

Уладзімір прымаў удзел у мітынгах і лічыць, што пратэсты 2020 года былі не дарма. «Перамога будзе, галоўнае пытанне — калі», — верыць ён.

Фота: асабісты архіў Уладзіміра 

«Галоўнае, каб не было расійскага сцяга, Z і Пуціна»

У адным з інтэрв’ю Уладзімір казаў, што хацеў бы падарыць прапагандыстам свае цішоткі замест безгустоўнага мерча Лукашэнкі. Пацікавіліся, чаму, на яго думку, у іх не атрымалася зрабіць круты дызайн.

«Задача з мерчам для Лукашэнкі ставілася зверху, акрамя як напісаць цытаты, нічога не згенеравалі. Быў таксама мерч «Марафона адзінства»: прыбраць гэты надпіс і замяніць колеры — файная цішотка. Лічу, што яны якраз ідуць у кірунку, які нам патрэбны. 

Не трэба забывацца, што многім беларусам падабаецца чырвона-зялёны сцяг ці Лукашэнка, на жаль. Але ж яны таксама беларусы. Калі яны носяць чырвона-зялёную кашулю з нацыянальным арнаментам, мабыць, яны адчуваюць сябе беларусамі. Галоўнае, каб не было расійскага сцяга, Z і Пуціна», — разважае ён. 

Каментары18

  • Сорам
    04.03.2025
    Якая пошласць!
  • Испанский Стыд
    04.03.2025
    Вспомнился анекдот про Министерство Культуры...
  • Бракуе гонору
    04.03.2025
    Zaebis - гэта з расейскай культуры. Гэта не беларускія словы. Не буду нікому з беларусаў раіць набываць гэта гаўно.

Цяпер чытаюць

Мінчук абурыўся кантынгентам у сталічным метро: Усе з новымі айфонамі, але не могуць дазволіць сабе танную машыну ці паездкі на таксі?20

Мінчук абурыўся кантынгентам у сталічным метро: Усе з новымі айфонамі, але не могуць дазволіць сабе танную машыну ці паездкі на таксі?

Усе навіны →
Усе навіны

Налёт на кватэру айцішніка: пагражаючы зброяй, патрабавалі крыптавалюту на мільярд рублёў3

На выбарах у Грэнландыі перамагла партыя, якая выступае за саюз з Даніяй

«Калі б гэты патэнцыял правільна скіравалі, мы б зламалі іх». Гутарка з экс-сілавіком, які быў паранены на пратэстах 2020-га5

Ціханоўская: 287 дзяржаўных прадпрыемстваў вырабляюць зброю для Расіі4

«Мы ж браты». Даведаліся, навошта для школ Магілёўскага раёна закупілі расійскія сцягі20

Беларусу выставілі абвінавачанне ў падпале гіпермаркета ў Варшаве па заданні расійскіх спецслужбаў2

УСУ арганізавана адступаюць з Курскай вобласці. Расіяне занялі Суджу13

Як цяпер выглядае мост у цэнтры Мінска, які ўжо двойчы ствараў праблемы кіроўцам?2

Саакашвілі асудзілі яшчэ на дзевяць гадоў турмы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчук абурыўся кантынгентам у сталічным метро: Усе з новымі айфонамі, але не могуць дазволіць сабе танную машыну ці паездкі на таксі?20

Мінчук абурыўся кантынгентам у сталічным метро: Усе з новымі айфонамі, але не могуць дазволіць сабе танную машыну ці паездкі на таксі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць