Перавозчыкі з Беларусі будуць дэклараваць узровень паліва на мяжы з Літвой
Літва з 8:00 па віленскім часе (9:00 па мінскім) 12 сакавіка ўвядзе абавязковае электроннае дэклараванне ўзроўню паліва ў грузавіках з Беларусі і Расіі. Гаворка ідзе пра перавозчыкаў, якія едуць транзітам праз Калінінград, паведамілі ў Мытным дэпартаменце Літвы.

У Мытным дэпартаменце ўдакладнілі, што падаць дэкларацыю можна будзе праз спецыяльны партал iMDAS. Узровень паліва будуць правяраць у пунктах пропуску на мяжы з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю як на ўездзе ў Літву, так і на выездзе з яе.
Раней літоўскія мытнікі папярэджвалі, што будуць замяраць на мяжы ўзровень паліва ў фурах з Расіі і Беларусі, якія ідуць у Літву. Гэта тлумачаць частымі выпадкамі зліву і перапродажу паліва ў Літве.
У ведамстве падлічылі, што за адну паездку перавозчык можа перапрадаць на чорным рынку прыкладна ад 800 да 1000 літраў паліва. Вільня нібыта губляе на гэтым да 20 млн еўра на год. За такія дзеянні ў Літве пагражае канфіскацыя паліва і велізарныя штрафы — да 6 тыс. еўра. У некаторых выпадках па рашэнні суда можна нават страціць транспартны сродак.
Каментары