Старыя могілкі ў Слуцку разбураюць час і вандалы, але ахоўваць іх не збіраюцца
Могілкавыя каплічкі ператвараюцца ў сметніцы, а замест эпітафій на надмагіллях з'яўляюцца абразлівыя надпісы, але чыноўнікаў гэта мала хвалюе.

Адказ ад Слуцкага райвыканкама адносна стану гарадскіх могілак, якія знаходзяцца ў жудасным стане, апублікаваў тэлеграм-канал «Спадчына». З яго вынікае, што мясцовыя ўлады гатовыя толькі фармальна выконваць свае абавязкі, але ў захаванні гістарычнай спадчыны горада не зацікаўленыя.
Некропаль у заняпадзе
Гарадскія могілкі Слуцка — адзін з самых значных некропаляў Міншчыны. Гэтая тэрыторыя — не проста месца пахавання, але і гістарычная спадчына, што захоўвае памяць пра выдатных асоб, якія жылі і працавалі ў рэгіёне. Аднак сёння стан некропаля варты жалю: многія пахаванні зараслі кустоўем, надмагіллі занядбаныя, а некаторыя перакуленыя і часткова разбураныя.
Асаблівую ўвагу прыцягвае стан найбольш значных магіл. Так, надмагілле сям’і Вайніловічаў, дзе спачывае, між іншым, і дзядзька Эдварда Вайніловіча — будаўніка Чырвонага касцёла ў Мінску, — хоць і знаходзіцца ў адносна добрым стане, але абеліск ужо небяспечна нахіліўся і можа разбіцца.



Яшчэ адзін важны помнік — чыгунная неагатычная капліца з крыжам, якая стаіць у каталіцкай частцы могілак. Аднак замест таго, каб быць мясцовай славутасцю, яна ператварылася ў сметнік: унутры навалена смецце, бутэлькі з-пад піва, а на сценах абразлівыя надпісы фарбай — «София шл*ха».
Побач на зямлі ляжыць чыгунная калона-надмагілле XIX — пачатку XX стагоддзя, якую таксама не спяшаюцца аднаўляць.
Асобнай увагі патрабуе пратэстанцкі сектар могілак, які знаходзіцца перад яўрэйскай часткай. Там можна пабачыць паваленыя і закінутыя надмагіллі, сярод якіх — магіла Антонія Астаховіча, удзельніка вайны 1812 года і значнага пратэстанцкага дзеяча. Таксама на могілках пахаваныя генералы Мевес, Сымановіч, Цістраў, але і іхнія магілы занядбаныя.
Гэта сведчыць пра адсутнасць клопату пра гістарычную спадчыну горада, хоць гэтыя пахаванні вартыя догляду, а сам некропаль — статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Няма могілак — няма праблем
Аднак, як відаць з адказу райвыканкама, у мясцовых уладаў іншы погляд на справу. Яны цытуюць беларускае заканадаўства аб пахаваннях, па якім даглядаць за магіламі павінны сваякі. У дачыненні да дарэвалюцыйных помнікаў гэта вельмі цынічна — чым больш каштоўны помнік, тым большая верагоднасць, што нашчадкі асобы былі вымушаныя ўцякаць з Беларусі ці былі знішчаныя ў час сталінскіх рэпрэсій. Многія маглі загінуць у час Другой сусветнай вайны, а тыя нашчадкі, што жывуць сёння, могуць нічога не ведаць пра сваіх прапрадзедаў і тым больш пра тое, дзе яны былі пахаваныя — у савецкі час было не прынята пра гэта расказваць і гэтым цікавіцца, повязь часоў страчаная.

Між тым, добраўпарадкаванне і інвентарызацыя ўсіх дарэвалюцыйных пахаванняў маглі б гэтую повязь дапамагчы аднавіць, бо старыя могілкі могуць быць важнай крыніцай для вывучэння гісторыі Слуцка і генеалогіі яго жыхароў.
Але чыноўнікі лічаць разумным прымяняць да такіх помнікаў тыя ж падыходы, што да магіл, пастаўленых 50 гадоў таму. І больш за тое, яны ініцыятывы не праяўляюць. Адказ просты — не абавязаныя, бо могілкі не з'яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Менавіта такі адказ далі ў Слуцкім райвыканкаме.
Аднак гэтага недастаткова. Застаецца разлічваць толькі на ініцыятыву неабыякавых гараджан і мясцовых краязнаўцаў, якія маглі б талакой прывесці некропаль да ладу.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Что-то я уже начинаю понемногу сомневаться