Заклікі да байкоту амерыканскай прадукцыі распаўсюджваюцца ў Паўночнай Еўропе
Нарвежская кампанія перастала пастаўляць паліва для амерыканскіх вайсковых караблёў, якія знаходзяцца ў нарвежскіх водах. Імкліва падаюць і продажы Tesla.

Як піша Le Monde, у апошнія тыдні на Facebook жыхары Даніі і Швецыі стварылі некалькі груп, удзельнікі якіх складаюць спісы амерыканскіх тавараў і паслуг, ад якіх варта адмовіцца.
У той жа час нарвежская кампанія Haltbakk Bunkers, якая забяспечвае судны, што заходзяць у парты краіны, заявіла аб спыненні абслугоўвання амерыканскіх ваенных караблёў палівам.
У паведамленні, апублікаваным 1 сакавіка, кампанія адзначыла, што спыняе пастаўкі «неадкладна», спасылаючыся на «беспрэцэдэнтны скандал у жывым эфіры», звязаны з сустрэчай прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і Дональда Трампа.
Haltbakk Bunkers назвала паводзіны ЗША «ўдарам нажом у спіну» Украіне і завяршыла сваю заяву лозунгам «Слава Украіне!». Кампанія заклікала нарвежцаў і ўсіх еўрапейцаў дзейнічаць гэтаксама.
Кіраўнік Haltbakk Bunkers Гунар Гран падкрэсліў, што рашэнне «маральнае», і адзначыў, што яго кампанія спыніла пастаўкі паліва для расійскіх караблёў у пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
Цяпер, паводле яго слоў, ЗША таксама трапілі ў гэты спіс з-за свайго стаўлення да Украіны. Гран заявіў, што «ні кроплі паліва» амерыканскія караблі не атрымаюць, пакуль Трамп застаецца пры ўладзе.
Уладам Нарвегіі падобныя меры ствараюць складанасці. Міністр абароны краіны Торы Сандвік заявіў 2 сакавіка, што рашэнне кампаніі «не адпавядае палітыцы ўрада», і запэўніў, што амерыканскія сілы «працягнуць атрымліваць патрэбныя пастаўкі і падтрымку» ад Нарвегіі.
Рэакцыя Haltbakk Bunkers упісваецца ў больш шырокі кантэкст: у Даніі і Швецыі на Facebook актыўна з'яўляюцца і растуць групы, якія заклікаюць байкатаваць амерыканскія тавары. У Даніі, напрыклад, група «Boycott varer fra USA» налічвае звыш 50 тысяч удзельнікаў. Яна з’явілася 3 лютага, на наступны дзень пасля таго, як віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс назваў Данію «дрэнным саюзнікам», а прэм'ер-міністр Метэ Фрэдэрыксен адмовілася перадаць ЗША Грэнландыю.
Аналагічныя групы з'явіліся і ў Швецыі. Іх удзельнікі дзеляцца спісамі амерыканскіх тавараў і паслуг, ад якіх яны хочуць адмовіцца: ад прадуктаў буйных харчовых кампаній накшталт Heinz і Kellogg's да сэрвісаў тыпу Google, Netflix і амерыканскіх фінансавых арганізацый. Многія пераходзяць на альтэрнатыўныя мясцовыя рашэнні, напрыклад Viaplay замест Netflix і Ecosia замест Google. Некаторыя нават адклікаюць інвестыцыі з шведскага дзяржаўнага пенсійнага фонду AP7, у якога 69% інвестыцый звязаныя з амерыканскім рынкам.
Выданне адзначае, што байкот — глыбока ўкаранёная традыцыя ў Швецыі. У 1990-х шведы ўжо байкатавалі французскія тавары на знак пратэсту супраць ядзерных выпрабаванняў у Ціхім акіяне. Сёння, яны лічаць, што купляць амерыканскія тавары — значыць падтрымліваць спробы Расіі знішчыць свайго еўрапейскага суседа.
Пакуль цяжка ацаніць эканамічны эфект, але некаторыя кампаніі ўжо рэагуюць. У Даніі буйная гандлёвая сетка Salling (якой належаць, напрыклад, крамы Netto) пачала пазначаць еўрапейскія тавары чорнай зоркай, каб купцы маглі адрозніваць іх ад амерыканскіх.
Асабліва моцна байкот ударыў па Tesla. У Швецыі, дзе мадэль Tesla Y была самай папулярнай машынай у 2024 годзе, яе продажы ў студзені ўпалі на 44% у параўнанні з папярэднім годам. У Нарвегіі падзенне склала 38% у студзені і 70% у лютым.
Некаторыя ўдзельнікі руху лічаць, што эканамічны ўдар можа паўплываць на палітыку ЗША. «Калі мы зможам абваліць біржу на некалькі дзён, Трамп зразумее, што гуляць з Пуціным яму нявыгадна», — сказаў выданню адзін з актывістаў.
Каментары