Таямніца таго, чаму жанчыны старэюць пазней за мужчын, магчыма, раскрытая
Вучоныя з Каліфорніі зрабілі нечаканае адкрыццё, звязанае з «біялагічным гадзіннікам» жаночага мозгу. Гэта можа стаць ключом да новых метадаў барацьбы з нейрадэгенератыўнымі захворваннямі — і не толькі ў жанчын.

У сярэднім жанчыны жывуць на пяць гадоў даўжэй за мужчын і радзей сутыкаюцца з сур’ёзнымі кагнітыўнымі парушэннямі і праблемамі з сэрцам. Як піша The Telegraph, даследчыкі з Каліфарнійскага ўніверсітэта высветлілі, што прычына гэтага хаваецца ў Х-храмасоме.
Як вядома, у адрозненне ад мужчын, жанчыны маюць дзве палавыя Х-храмасомы, але адна з іх адключаецца на ранніх стадыях эмбрыянальнага развіцця. Раней лічылася, што яна застаецца неактыўнай усё жыццё.
Аднак новае даследаванне амерыканскіх вучоных паказала, што ў старэючых самак мышэй яна актывізуецца. Гэта спрыяе выпрацоўцы важнага бялку, які абараняе клеткі мозгу і падтрымлівае іх функцыянаванне, асабліва ў тых галінах, што адказваюць за навучанне і памяць.
У выніку жаночы мозг «цікае» павольней за мужчынскі, што тлумачыць яго большую ўстойлівасць да ўзроставых зменаў. Гэта адкрыццё таксама можа дапамагчы зразумець адрозненні паміж паламі ў развіцці дэгенератыўных захворванняў.
Паводле даных даследчыкаў, актывацыя Х-храмасомы прыводзіць да выпрацоўкі бялку Plp1, які ўваходзіць у склад міеліну — рэчыва, што абараняе нервовыя клеткі і забяспечвае сувязь паміж нейронамі, а таксама адыгрывае ключавую ролю ў навучанні і памяці.
Вучоныя пайшлі далей і штучна павялічылі колькасць Plp1 у пажылых мышэй. Вынікі аказаліся ўражвальнымі: кагнітыўныя здольнасці мышэй значна палепшыліся, яны пачалі арыентавацца ў лабірынтах гэтак жа, як і маладыя. Прычым аналагічны эфект назіраўся і ў самцоў.
Даследаванне, апублікаванае ў часопісе Science Advances, уздымае важнае пытанне пра тое, як палавыя адрозненні ўплываюць на развіццё захворванняў.
Вучоныя адзначаюць, што на працягу доўгага часу медыцына ігнаравала ўплыў полу на біялагічныя працэсы, хаця разуменне гэтых механізмаў магло б значна палепшыць лячэнне і прафілактыку многіх хвароб.
Спецыялістам даўно вядома, што хвароба Альцгеймера часцей атакуе жанчын, а хвароба Паркінсана — мужчын. Аднак дагэтуль застаецца шмат пытанняў пра тое, як менавіта палавыя адрозненні, гарманальныя і іншыя фактары вызначаюць схільнасць да тых ці іншых захворванняў.
Даследчыкі адзначаюць, што разуменне гэтых працэсаў можа дапамагчы ў распрацоўцы больш эфектыўных метадаў дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі ўзроставых хвароб як у мужчын, так і ў жанчын.
Каментары