Хантавірусны сіндром — што за смертаносны вірус, ад якога памерла жонка акцёра Хэкмана?
Разносяць яго грызуны, але не ўсе і не ўсюды.

27 лютага у доме ў горадзе Санта-Фэ, што ў амерыканскім штаце Нью-Мексіка, былі знойдзеныя целы 95-гадовага акцёра Джына Хэкмана і ягонай 65-гадовай жонкі, піяністкі Бэтсі Аракава. Адразу натуральным чынам з'явілася версія, што яны былі забітыя ці скончылі жыццё самагубствам, але неўзабаве высветлілася, што прычыны смерці былі натуральныя. Прытым першай памерла жанчына, прычынай чаго стала падхопленае ёй рэдкае інфекцыйнаек захворванне. Што за яно?
Уявіце, што вы заходзіце ў стары хлеў ці прыбіраеце дачны домік пасля зімы. Вы заўважаеце сляды грызуноў, падмятаеце падлогу і нават не падазраяце, што ўдыхаеце смертаносны вірус.

Упершыню хантавірусны лёгачны сіндром (HPS) быў выяўлены ў 1993 годзе ў ЗША пасля ўспышкі ў рэгіёне Чатыры Куты (Юта, Каларада, Арызона, Нью-Мексіка).
У адну з мясцовых бальніц звярнуўся малады мужчына з цяжкай адышкай. Дактары спрабавалі выратаваць яго, але хвароба развівалася імкліва, і пацыент памёр. Расследаванне паказала, што яго дзяўчына і яшчэ пяць чалавек у рэгіёне памерлі ад падобных сімптомаў.
Гэта прыцягнула ўвагу Цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША, які пачаў даследаванне і неўзабаве ўстанавіў, што прычынай смяротных выпадкаў стаў новы хантавірус, які перадаецца грызунамі.
HPS — хвароба, якая распаўсюджаная ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы. Толькі некалькі выпадкаў захворвання было выяўлена ў Еўропе і Турцыі.
У Паўночнай Амерыцы вірус перадаецца праз аленевага хамячка (Peromyscus maniculatus), у Паўднёвай — праз даўгахвостага рысавага пацука (Oligoryzomys longicaudatus).

У грызуноў гэты вірус не выклікае сімптомаў і захоўваецца ў арганізме на працягу ўсяго жыцця. Ён утрымліваецца ў мачы, фекаліях і сліне гэтых жывёл. Людзі часцей за ўсё заражаюцца, удыхаючы заражаны пыл у месцах, дзе пасяліліся мышы (напрыклад, у хлявах, падвалах, старых дамах). Магчымае таксама заражэнне праз ежу, укусы ці драпіны. Было зафіксавана некалькі выпадкаў перадачы гэтага віруса ад чалавека да чалавека.
У Паўночнай Амерыцы штогод рэгіструюцца дзясяткі выпадкаў HPS, у той час як у Паўднёвай Амерыцы — больш за 100 выпадкаў.
Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, сярэдняя смяротнасць ад хантавіруснага лёгачнага сіндрому ў ЗША можа перавышаць 50%. Захворванне сустракаецца на ўсёй тэрыторыі краіны, а Міжнародны камітэт па таксанаміі вірусаў зарэгістраваў 13 разнавіднасцяў хантавіруса, здольных выклікаць гэтую небяспечную інфекцыю.
Як працякае хвароба?
Інкубацыйны перыяд хантавіруснага лёгачнага сіндрому ў сярэднім складае 21 дзень, аднак можа дасягаць і 33 дзён у залежнасці ад узбуджальніка.
Хвароба развіваецца паэтапна: на першай стадыі сімптомы нагадваюць звычайную прастуду — павышэнне тэмпературы, кашаль, абцяжаранае дыханне, болі ў мышцах і слабасць.
Другая фаза наступае і суправаджаецца рэзкім пагаршэннем стану: развіваецца вострая лёгачная недастатковасць, выкліканая ацёкам лёгкіх. На гэтым этапе могуць узнікнуць сур'ёзныя парушэнні працы сэрца — тахікардыя, арытмія, кардыягенны шок, якія суправаджаюцца рэзкім падзеннем артэрыяльнага ціску (гіпатаніяй). У рэдкіх выпадках магчымае паражэнне нырак, што прыводзіць да вострай нырачнай недастатковасці.
Менавіта на гэтай фазе назіраецца найбольшая колькасць смяротных вынікаў, паколькі крытычны стан пацыента можа наступіць літаральна ў межах 48 гадзін.
Фаза аднаўлення доўжыцца ад некалькіх месяцаў да некалькіх год. Дыхальная функцыя паступова паляпшаецца, аднак задышка можа захоўвацца да двух гадоў. Ныркі аднаўляюць сваю працу, што суправаджаецца павелічэннем колькасці мачаспусканняў.
Пасля перанесенага захворвання паўторнае заражэнне малаверагоднае, бо арганізм фармуе пажыццёвы імунітэт.
Вакцыны супраць HPS не існуе, таму галоўным спосабам прадухілення захворвання з’яўляецца прафілактыка.
Каб пазбегнуць заражэння хантавірусам, трэба мінімізаваць кантакт з грызунамі, якія яго пераносяць. Для гэтага важна не пакідаць ежу ў адкрытым доступе, прыбіраць за грызунамі бяспечнымі метадамі і не дапускаць іх пранікнення ў жыллё. Тым, хто працуе ў месцах, дзе могуць быць заражаныя грызуны, рэкамендуецца насіць маску для абароны дыхальных шляхоў.
Адмысловых супрацьвірусных прэпаратаў ад хантавіруса не існуе. Таму дактары могуць толькі дапамагаць арганізму змагацца з хваробай.
Жонка Джына Хэкмана памерла ад рэдкага віруса, які перадаецца праз грызуноў. А Хэкман — праз тыдзень, каля яе
Таямніца таго, чаму жанчыны старэюць пазней за мужчын, магчыма, раскрытая
Загадкавае адначасовае аблысенне ва ўсім індыйскім раёне. Прычыну дагэтуль шукаюць
«Усе пад кайфам». Пацукі з'елі рэчавыя доказы з марыхуанай у паліцэйскім упраўленні Новага Арлеана
Каментары