Мужчына і жанчына з-пад Мінска загінулі на зімовай рыбалцы ў Браслаўскім раёне
Непадалёк ад аграгарадка Богіна Браслаўскага раёна 9 сакавіка ратавальнікі Таварыства выратавання на водах выцягнулі з возера Высокае дваіх загінулых 55-гадовых рыбаловаў — мужчыну і жанчыну, якія напярэдадні разам прыехалі на рыбалку з вёскі Серафімова Мінскага раёна.

На месца здарэння выязджаў начальнік Браслаўскай ратавальнай станцыі АСВОД Андрэй Ахрамовіч. Ён распавёў Kraj.by:
— Мужчыну і жанчыну 1970 года нараджэння шукалі з учарашняга дня. Трывогу ўзнялі родныя і блізкія пасля таго, як пара паехала да нас на рыбалку і перастала выходзіць на сувязь.
Спачатку супрацоўнікі міліцыі знайшлі іх аўтамабіль «Рэно Дастэр». Потым паднялі ў паветра квадракоптар, які на возеры Высокае зафіксаваў каля вострава рыбацкія санкі. Мы выехалі на месца. Для пошукаў выкарыстоўвалі аэралодку «Пірання».
— Прыкладна ў 11:40 на возеры, за 300-400 метраў ад вострава, заўважылі рыбацкія сцяжкі-жэрліцы. У тым жа месцы ў вадзе знаходзіліся целы мужчыны і жанчыны. Візуальна яны былі на адлегласці 7-10 метраў адзін ад аднаго. Загінулых даставілі на бераг, — расказаў Андрэй Ахрамовіч.
Каментары