Эдрыян Броўдзі — найлепшы акцёр, Майкі Медысан — найлепшая актрыса, латвійскі мультфільм «Плынь» — найлепшы анімацыйны поўнаметражны фільм.

Сёння ноччу ў Лос-Анджэлесе прайшло ўручэнне прэміі «Оскар». Камедыйна-драматычны фільм «Анора» рэжысёра Шона Бейкера названы найлепшым фільмам.
Найлепшай актрысай прызналі Майкі Мэдысан, якая сыграла галоўную ролю ў «Аноры», а найлепшым рэжысёрам Шона Бейкера, фільм таксама атрымаў Оскар за найлепшы сцэнар і найлепшы мантаж.
Фільм распавядае пра знаёмства стрыптызёркі Аноры (Эні Міхеева) з Іванам (не надта разумным сынам расійскага нафтавага алігарха). Анора і Іван знаёмяцца ў стрып-клубе ў Нью-Ёрку, паміж імі ўзнікаюць пачуцці, і маладыя адпраўляюцца ў Лас-Вегас, каб ажаніцца.
Іван (яго грае Марк Эдэльштэйн) вырашае ажаніцца, каб, у тым ліку, адкасіць ад арміі ў Расіі. У Нью-Ёрку ў яго бацькоў вялікі дом.
Пра роспіс дазнаюцца бацькі ў Расіі, бо Анора адразу выстаўляе вясельнае фота ў інстаграм, і камандзіруюць двух чалавек Гарніка і Ігара (Ігара грае Юра Барысаў), каб ануляваць шлюб. Гарнік і Ігар спрабуюць пераканаць Анору скасаваць шлюб, а потым усе разам шукаюць у Нью-Ёрку Івана, які збег ад адказнасці ў загул.
То-бок фільм — гэта «Папялушка» наадварот, але камедыйны і сумны.
У намінацыі «найлепшы фільм» таксама былі «Бруталіст» (пра венгерскага архітэктара Ласла Тота, які з'ехаў пасля Другой сусветнай у ЗША), «Боб Дылан: Нікому не вядомы» (пра пачатак кар'еры вядомага музыканта), «Канклаў» (пра выбары новага Папы). «Дзюна: Частка другая», мюзікл «Эмілія Перэс» пра трансгендарны пераход мексіканскага наркабарона), «Я ўсё яшчэ тут» (пра гады дыктатуры ў Бразіліі), «Хлопцы з «Нікеля», «Субстанцыя», «Злая: Казка пра ведзьму Захаду».
Эдрыан Броўдзі атрымаў «Оскар» за ролю ў фільме «Бруталіст».
Статуэтку за найлепшую ролю другога плана атрымаў Кіран Калкін за ролю ў «Сапраўдным болі».
«Оскар» за найлепшую жаночую ролю другога плана атрымала Зоі Салдана, якая выканала ролю Рыты Моры Кастра ў мюзікле «Эмілія Перэс».
«Я ганаруся тым, што з'яўляюся дзіцем бацькоў-імігрантаў», — сказала яна ў вельмі эмацыйнай прамове, атрымліваючы ўзнагароду і ледзь стрымліваючы слёзы.
Найлепшым фільмам на замежнай мове стала бразільская стужка «Я ўсё яшчэ тут».
Найлепшым анімацыйным поўнаметражным фільмам быў прызнаны мультфільм «Плынь» (Flow) латвійскага рэжысёра Гінтса Зілбаладзіса пра цёмна-шэрага ката, які разам з сабакам, капібарай і птушкай-сакратаром ратуецца ад патопу.
Гэта першая карціна з Латвіі, якая атрымала «Оскар».
-
Фільм «Пад шэрым небам», дзе прататыпам стала Кацярына Андрэева, выходзіць у польскі пракат
-
Што за расійскі серыял «Аўтсорс», пра які ўсе гавораць? У ім паказваюць, як «часам не да законаў»
-
«Купляй танна яго карціны, праз 10 гадоў ён стане сусветна вядомым!». Якім паказаны Хаім Суцін у фільме, які зняў Джоні Дэп?
Каментары